Змагаемся з восеньскім дэпрэсняком пад “Кубачак кавы”
Галоўныя навіны гэтага тыдня і кароткі спойлер на наступны.
Беражыце сябе
Пачынаем з галоўнага: сябры, беражыце сябе і не падайце ў восеньскую хандру. Нашая калега Марыя пагутарыла з псіхатэрапеўткай Алінай Бычковай пра тое, як перажыць час, калі сонейка становіцца меней і здаецца, што сэнсу ні ў чым няма. Карацей, як вывозіць, калі не вывозіш.
1. Паклапаціцеся пра свой рэжым дня
Пры гэтым неабавязкова класціся строга ў 22:00 — трэба размеркаваць час так, каб яго хапала і на працу, і на адпачынак.
Дарэчы, на гэтым тыдні нас парадавала навіна пра тое, як пра адпачынак клапоцяцца ў Ісландыі. Вы чулі, што ў іх уводзяць чатырохдзёнку? Нашая калега разбіралася, ці магчыма паўтарыць гэты прывабны эксперымент у Беларусі.
2. Харчуйцеся збалансавана і не прапускайце прыёмаў ежы
Тое, што і як мы ямо, уплывае на нашае самаадчуванне і настрой. Радуйце сябе смачнай і карыснай ежай, не забывайце піць ваду.
Ну і тут, вядома, лезуць у галаву думкі пра… цэны. Наш журналіст Дзяніс распытаў розных людзей пра тое, як яны эканомяць. Маці, студэнт і пенсіянерка дзеляцца сваім досведам (напрыклад, кажуць, што мяса ці сала ў мясных крамах на кірмашах звычайна якаснейшае і таннейшае, чым у крамах).
3. Пазбягайце руціны і жывіце ў задавальненне
Нашыя паводзіны ўплываюць на наш настрой. Важна маніторыць свой стан і кожны дзень рабіць хоць нешта, што прыносіць нам радасць. Гэта можа быць кубак кавы раніцай у адзіноце і прагляд цікавых відэа.
Дарэчы, вось вам і цікавае відэа! Еўрарадыё схадзіла ў бар “Банки-бутылки”, які пераехаў з Мінска ў Варшаву. Той самы, які закрылі пасля таго, як Мэрыем Герасіменка у ім праспявала песню ўкраінскага гурта “Акіян Эльзы”.
Глядзіце, як нашыя старыя-добрыя “Банки-Бутылки” ператварыліся ў модныя “Bons&Bottles”.
4. Абапірайцеся на каштоўнасці
Клопат пра здароўе, зносіны з блізкімі, павышэнне ўзроўню сваіх ведаў (хай і маленькімі крокамі) — усё гэта можа стаць добрай матывацыяй не апускаць рукі і рухацца далей.
5. Дапамагайце іншым
Клопат пра пажылых людзей, дзяцей, нават гадаванцаў — усё гэта таксама надасць вашаму жыццю больш асэнсаванасці і каштоўнасці.
6. Спорт (але не “зала, бо туды ходзяць усе”)
Калі мы ляжым раніцай у ложку, то памахаць, лежачы, рукамі і нагамі — гэта ўжо лепш, чым проста паваляцца. Ранішнія размінкі дапамагаюць нам знізіць узровень картызолу, якога досыць шмат з раніцы, і ў цэлым бадзёра пражыць новы дзень.
І яшчэ
— Пісала тэкст, калі сама пачала адчуваць увесь гэты восеньскі тлен, таму некаторымі парадамі псіхатэрапеўткі Аліны Бычковай ужо скарысталася. Раю ўсім затэсціць "Спакойны бот", пра які спецыялістка расказвае ў канцы артыкула. Гэта сваеасаблівы робат-псіхолаг, які жыве ў Тэлеграме і дапамагае ўсім, хто да яго звернецца, — раіць Маша.
А яшчэ варта схадзіць да доктара і праверыцца — раптам, у вас ёсць недахоп вітамінаў? Доктар праверыць і скажа.
Калі вам не хапала веры ў лепшае
Добрыя навіны могуць дапамагаць вывозіць восеньскую хандру, праўда? У пачатку тыдня мая калега Юля прапанавала патэліць Андрэю Гнёту і распытаць, як цягнецца яго хатні арышт.
— Нічога не змяняецца, сяджу як сабака ў скрынцы і чакаю, — казаў беларус яшчэ некалькі дзён таму.
Але ў канцы тыдня мы ўжо святкавалі вызваленне Андрэя. Вы ўсё прапусцілі? Нагадваем.
Беларускага актывіста Андрэя Гнёта ў кастрычніку 2023 года затрымалі ў Сербіі на запыт беларускіх уладаў. Андрэй праз гэта трапіў у базы Інтэрпала, і пачаліся доўгія месяцы змагання супраць экстрадыцыі ў Беларусь.
У чэрвені гэтага года яго перавялі з бялградскай турмы пад хатні арышт. Апеляцыйны суд Бялграда адмяніў рашэнне пра экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь, але справу скіравалі на перагляд у Высокі суд горада. І актывіст пад хатнім арыштам чакаў рашэння.
— Падчас размовы ён казаў пра цяжар чакання. Тады здавалася, што яго справа зусім не рухаецца, і вось! — кажа Юля. Калі яна піша мне гэтае паведамленне, Гнёт ужо на волі.
Рыхтуемся да наступнага тыдня
Засталося крыху — і мы даведаемся, хто будзе наступным прэзідэнтам ЗША.
Бізнес-аналітык у лагістыцы, беларус Дзяніс Баранаў галасуе на амерыканскіх выбарах. І ўжо адпрасіўся з працы на ранак серады — усю ноч з аўторка на сераду Штаты будуць лічыць галасы.
У дзень выбараў, 5 лістапада, у Вашынгтоне запланавана шмат вечарынак, дзе можна будзе сачыць за ходам выбараў, кажа наш суразмоўнік.
— Я яшчэ не вызначыўся, з якімі сябрамі і дзе буду глядзець вынікі, але ўжо папрасіўся з працы на ранак серады на ўсялякі выпадак.
Калі вынікі стануць вядомыя адразу ўначы, то або будуць святкаваць перамогу Харыс, або сумаваць праз перамогу Трампа. Пратэсты ў асноўным чакаюцца ў тых штатах, дзе людзі будуць нязгодныя з вынікамі.
Калі таксама плануеце сачыць за выбарамі — пачытайце наш матэрыял. Мы каротка разабралі, што трэба ведаць, каб глядзець на змаганне “аслоў” са “сланамі” было цікавей.
І нагадваем: калі вы ў Беларусі, выдаліце гэты ліст, як толькі прачытаеце. Мы на наступным тыдні дашлем свежы “Кубачак кавы”, а вы — беражыце сябе.