Ці можа Гомельская вобласць стаць “Курскай”? Абмяркуем за “Кубачкам кавы”
У гэтай рассылцы абмяркоўваем чыноўнікаў і адно аднаго. Падымаем балючую тэму адносін беларусаў у эміграцыі з тымі, хто застаўся ў сваёй краіне.
І нагадваем беларусам у Беларусі: не забудзьцеся выдаліць гэты “кубачак”, як толькі дачытаеце.
Сірэн не было — няма пра што перажываць?
На гэтым тыдні гамельчукі прачнуліся ад начных выбухаў. Мясцовае выданне "Флагшток" паведаміла, што выбухі адбыліся каля другой гадзіны ночы. Паводле маніторынгавага рэсурсу "Беларускі Гаюн", у Беларусь заляцела не менш за восем беспілотнікаў "Шахед", і як мінімум два з іх былі збітыя сістэмамі СПА.
Наша карэспандэнтка занепакоілася мацней, чым гомельскія чыноўнікі. Пад выглядам гамяльчанкі яна званіла ўсім, да каго магла дацягнуцца. У гарвыканкам, у аблвыканкам, у МНС...
Ніхто так нічога і не змог ёй растлумачыць. Журналістка засталася плюс-мінус у такім самым шоку, у якім была б, калі б гэта ў яе над галавой праляцелі "Шахеды".
— Я была б у шоку ад таго, наколькі са мной не хочуць размаўляць чыноўнікі і як яны перакідваюць мяне адно на аднаго. У гэтай сітуацыі нічога новага няма. З іншага — гаворка ж пра такую цяжкую сітуацыю! Літаральна пра падзенне дронаў у цябе над галавой. Але чыноўнікі казалі: раз сірэны не гучалі — перажываць няма праз што.
І ты проста пераконваешся ва ўласнай бездапаможнасці. У мяне была адна асацыяцыя: няўжо ў выпадку чаго Гомельская вобласць таксама лёгка можа стаць Курскай?
Калі вы з'ехалі, прачытайце гэты тэкст
Памятаеце, як сэканд падпаў пад еўрапейскія санкцыі? Мы пагаварылі з Максімам, які застаецца жыць у сваёй краіне. Ён жартуе, што кухню Ікеа плануе паказваць унукам — маўляў, вось, яшчэ да рэвалюцыі купілі! Пра тыя часы, калі ездзіў у "Акропаліс" на шопінг, ужо забыў.
Пра забарону сэканду ён даведаўся амаль выпадкова — кажа, і ён сам цяпер стараецца радзей зазіраць у навінавыя стужкі, і ягоныя сябры таксама. Людзі жывуць пад пастаянным ціскам і размаўляюць у асноўным пра надвор'е.
Так, мы пісалі Максіму, каб ён падзяліўся сваімі шчырымі думкамі наконт забароны на вываз з Еўропы ў Беларусь сэканду. Але насамрэч гэтая размова закранае шырэйшую і больш балючую для ўсіх нас тэму: адносіны тых, хто застаўся, з тымі, хто з'ехаў.
— Мне падабаецца глядзець сторыз з канцэртаў, з жыцця беларусаў за мяжой, дзе можна што заўгодна знайсці, хоць гэта мне больш недасяжнае.
Але я больш не чытаю каменты, дзе беларусы пішуць іншым беларусам: “Ха-ха-ха, ну што, засталіся? Ну трымайце цяпер расійскія тавары”.
Такая пагарда. Думаеш: ну, акей. Але тыя людзі, якія так пішуць, сюды напэўна і не вернуцца, і я з імі не сутыкнуся.
Чаго хацелася б? Ды чалавечнасці. Не словаў палітыкаў, а на ніжэйшым узроўні салідарнасці. Нам жа тут шкада тых людзей, у якіх праблемы з пашпартамі і легалізацыяй. Мы разумеем, што жыццё эмігранта не цукровае.
Прачытайце гэты тэкст. Асабліва калі вы не ў Беларусі і таксама не-не, ды і напішыце ў каментарах нешта з'едлівае ў дачыненні да тых, хто застаўся жыць у сваёй краіне.
Токсік
Самы сумны каментар, які мы пачулі ад Максіма: “Ну ўсё, нас захоплівае Расія”. Ён кажа, што бачыць гэта ў дэталях: прыкладам, у адкрыцці расійскіх крамаў з неблагой і адносна таннай прадукцыяй. І беларусы ў Беларусі, кажа Максім, адчуваюць, што на іншы бок — Еўропу — ім разлічваць не даводзіцца.
Шмат што ў Беларусі страчана не праз санкцыі, а праз таксічны клімат, праз які з краіны ўцякае бізнес. Лепш за ўсё гэта відаць на прыкладзе айці. Кампаніі рэлакавалі сваіх супрацоўнікаў, бо іх кліенты не хочуць мець нічога агульнага з Беларуссю.
Але ладна Захад. Нават краіны, якія лічацца “сяброўскімі” — напрыклад Кітай, — ужо не хочуць працаваць з Беларуссю. Бо таксічна.
Рэдактарка праекта “План Б” Вольга Лойка пагадзілася пагаварыць з намі пра тое, што ўжо страчана — і колькі часу зойме аднаўленне.
— Легальнай прыватнай адукацыі ў Беларусі амаль няма (акрамя самай элітнай і ідэалагічна выверанай). Экскурсійны бізнес на ўздыме — але кліент расійскі, і змест экскурсій — прадмет пільнай увагі прапагандыстаў і сілавікоў. То-бок галіна нібыта нават на ўздыме, але перспектывы не вясёлкавыя.
Тыя [бізнесы], якія не толькі пра грошы, будуць сыходзіць. Вось у Мінску літаральна за тыдзень закрылася некалькі вядомых устаноў грамадскага харчавання. Здавалася б, не бяда, але гэта мяняе ландшафт, і гэта толькі першыя ластаўкі. Зразумела, што калі не знойдзецца на іх месца беларускіх бізнесаў — прыйдуць расійскія. Але гэта відавочная страта для краіны. Сыходзяць медцэнтры — іх дабівае кантроль цэн. Сышоў практычна ўвесь хардвар і значная частка ІТ-бізнесаў. І многія таксама не чакалі прамых санкцый. Страчаныя магчымасці палічыць можна будзе ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Вольга Лойка лічыць, што час, які пойдзе на аднаўленне, будзе залежаць ад таго, колькі яшчэ працягнецца цяперашняя сітуацыя.
— Але зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускага рэальнага сектара будзе адназначна: мы ўжо бачым гэта на прыкладзе расійскага рынку, дзе беларускія вытворцы грузавікоў, халадзільнікаў стабільна страчваюць рынак. Будзе тэхналагічнае адставанне, будзе амартызаванае абсталяванне. Мы будзем даражэй купляць рэчы горшай якасці. Будзе ўцечка мазгоў, дэградацыя медыцыны і адукацыі — адставанне можа быць вельмі сур'ёзным, нават крытычным.
Што знайшлі археолагі ў гэтым сезоне
Ну а калі вы дагэтуль думаеце, што нельга заставацца ў Беларусі і рабіць для Беларусі нешта карыснае — хутчэй глядзіце агляд знаходак беларускіх археолагаў у гэтым сезоне.
Мы раз-пораз пісалі пра іх, але цяпер вырашылі сабраць усе і насамрэч былі ўражаныя.
У Мінскім раёне на рацэ Менцы знайшлі могілкі XI стагоддзя. У раннехрысціянскі перыяд высакастатусных жыхароў хавалі ўнутры гарадскіх умацаванняў, а звычайных — у курганах. Гэта адкрыццё пацвярджае наяўнасць гарадской эліты, ад якой пачынаўся Мінск.
А ў Стоўбцах знайшлі старадаўні касцёл, дамініканскі храм Святога Казіміра XVII стагоддзя. Ён нагадаў пра сябе падмуркам.
Мясцовая парафія раней планавала правесці раскопкі, каб падрыхтавацца да адбудовы капліцы з труной святога Фабіяна Малішоўскага. І вось адкапалі фрагменты сутарэнняў страчанага касцёла. Захаваліся нават праёмы і праходы!
Што яшчэ? Мястэчка Крэва, якое памятае Ягайлу, Гедыміна і Альгерда — проста кландайк для навукоўцаў. Кожны год там знаходзяць штосьці цікавае. Сёлета археолагі натрапілі на каменны падмурак, які, імаверна, быў часткай моста, што злучаў малую браму на паўднёвым баку замка з унутраным дваром.
І гэта яшчэ не ўсё. У Шумілінскім раёне знайшлі паясную накладку вікінгаў, а на раскопках на Менцы — драўляную фігуру цмока і рыдлёўку, якой будавалі старажытны горад.
Мы ўражаныя.