Час купляць крыпту? Час выязджаць з Грузіі? Разбяром з “Кубачкам кавы”
Галоўнае за тыдзень у пятнічным аглядзе матэрыялаў Еўрарадыё.
Галоўнае за тыдзень у пятнічным аглядзе матэрыялаў Еўрарадыё.
Прывітанне! Сёння з вамі Янка. Перад тым, як пачаць уікэнд, згадаем галоўныя падзеі гэтага тыдня. Па-першае, долар і еўра абнавілі свае гістарычныя максімумы. І, відаць, не збіраюцца спыняцца на дасягнутым, нягледзячы на адскок у пятніцу.
Калі ты “чыловы хлопец” (на гэтым тыдні кожны з нас у той ці іншай меры ім быў), які зарабляе ў рублях, то можаш пакінуць свае рукі ў кішэнях. Але прапаную спачатку заварыць каву, знайсці ўтульнае месца і пару хвілінак прысвяціць не толькі гэтай, але і іншым важным тэмам тыдня!
Не толькі долар: курс біткоіна амаль дасягнуў трохзначных значэнняў
За апошні месяц курс біткоіна перайшоў сваю гістарычную мяжу, дасягнуўшы ста тысяч долараў. Ці гэта знак для нас забіць на ўсё і пачаць купляць крыпту?
Наш калега Тарас вырашыў разабрацца ў пытанні разам з беларусам Аляксеем, які раней валодаў майнінг-фермай.
Расійскія салдаты катавалі грамадзян Украіны ў Беларусі
На гэтым тыдні ўбачыла свет расследаванне, зробленае журналістамі Беларускага расследавальніцкага цэнтра, "Радыё Свабода", "Кіберпартызанамі" і міжнароднай арганізацыяй The Reckoning Project.
Яны знайшлі людзей, якія прайшлі праз фільтрацыйны лагер у Нароўлі (Гомельская вобласць).
“Нароўля, невялікі горад на поўдні Беларусі, ператварылася ў месца, дзе катаванні сталі звычайнай справай. Праваабаронцы адзначаюць: сюды масава звозілі палонных украінцаў”.
Больш чытайце ў пераказе Еўрарадыё.
ВАЖНА: Як Лукашэнка змяняў адукацыю ў Беларусі
Ідзе “перадвыбарчая кампанія”, і Аляксандр Лукашэнка актыўна наведвае беларускія ВНУ, тым самым дэманструючы “клопат пра моладзь”.
Але часцей за ўсё гэты клопат выяўляўся ў спрэчных зменах і эксперыментах ледзь не кожную пяцігодку (не кажучы ўжо пра рэпрэсіі ў дачыненні да студэнтаў і выкладчыкаў).
Мы вырашылі згадаць, якія ініцыятывы Лукашэнка і яго чыноўнікі рэалізоўвалі ў школах і ВНУ і якія гучныя прапановы рэформаў гучалі за апошнія 30 гадоў.
Ці будзе ў Грузіі свой “Еўрамайдан”?
Сёння ноччу ў Тбілісі было неспакойна: там сілай разганялі пратэстоўцаў. Людзі выйшлі на праспект Руставелі ў адказ на словы прэм’ер-міністра, што Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб далучэнні да ЕС.
Разгон вулічных пратэстаў цягнуўся ўсю ноч. Пад раніцу сілавікі выцягвалі людзей з аптэк і храмаў. Мясцовыя СМІ пісалі, што асабліва палявалі на журналістаў і палітычных актывістаў.
Званочкаў шмат, і тое, што адбываецца там, уплывае не толькі на грамадзян гэтай краіны, але і на беларусаў. Для некаторых Грузія — галоўны “перавалачны пункт” перад ЕС, для іншых — ужо другі дом.
Наша калега Ліза паразмаўляла з беларусамі Грузіі, праваабаронцам і палітолагам, пра тое, што там цяпер адбываецца, ці варта баяцца масавых дэпартацый і якія прагнозы наконт далейшага развіцця падзей.
Бонус!
Долары мы не вырасцім, з крыптой таксама ёсць нюансы. Але напэўна можна прыправіць сваё жыццё, вырасціўшы ў хатніх умовах чылі, лімон ці базілік.
Як гэта зрабіць? Глядзіце тут.
На гэтым усё. Добрых выходных — і калі вы ў Беларусі, то абавязкова ўтылізуйце гэты кубачак, бо ў ім зашмат “экстрэмізму”.
У іншых выпадках смела падпісвайцеся на “Кубачак кавы”. І беражыце сябе!