Го на каву! Як КДБ пераследуе беларусаў за мяжой і ці пачнецца ядзерная вайна
Вітаначкі! Гэта Марыя, і мы абмяркоўваем самыя важныя і цікавыя навіны мінулага тыдня.
Экстрадыцыя беларускага добраахвотніка з В’етнама, амерыканскі дазвол бамбіць па Расіі і чарговыя атакі па Украіне ў адказ — тыдзень выдаўся няпросты.
Пра тое, што яшчэ здарылася апошнімі днямі і як Беларусь упадае ва ўсё большую залежнасць ад Расіі — пагаворым за кубачкам кавы.
Ці пачнецца ядзерная вайна?
На гэтым тыдні Джо Байдэн дазволіў Украіне выкарыстоўваць ракеты ATACMS для ўдараў па тэрыторыі РФ. Вайскоўцы дазволам скарысталіся, у адказ Расія прадбачна ўдарыла па Украіне.
Ці прывядзе чарговы канфлікт да ядзернай вайны? Пра гэта Еўрарадыё запыталася ў Аляксандра Фрыдмана.
— Я не думаю, шчыра кажучы, што Пуцін вырашыць у гэтай сітуацыі пайсці на такі радыкальны крок, — кажа гісторык. — Але верагоднасць усё ж такі існуе. Зараз мы перажываем самы небяспечны момант эскалацыі ў гісторыі гэтай вайны і, магчыма, самы небяспечны момант у еўрапейскай гісторыі з 1945-га.
Ад дэпартацыі да экстрадыцыі. КДБ кашмарыць беларусаў за мяжой
Ад сумных думак пра магчымую “ядзерку” грамадства адцягнула яшчэ адна нечаканая навіна.
Днямі стала вядома, што ў В’етнаме быў затрыманы беларускі добраахвотнік Васіль Верамейчык.
Сябры хлопца расказалі, што прычынай затрымання стала бойка. Але, як сцвярджае Блок Пракоп’ева-Ягорава, гэта магла быць спланаваная аперацыя беларускага КДБ, бо ўжо на наступны дзень В’етнам перадаў экс-байца ў Беларусь.
Еўрарадыё пагаварыла з людзьмі, якія былі знаёмыя з сітуацыяй беларуса.
Андрэй Кушнераў — салдат УСУ з дзявятай брыгады і паплечнік Васіля па Аб’яднанню ветэранаў і фракцыі ў Каардынацыйнай радзе. Ён распавёў, што яшчэ ў ліпені 2022 года канфлікт у палку Каліноўскага закрануў амаль усіх, і забарону на ўезд ва Украіну атрымалі не толькі Васіль, але і некалькі іншых байцоў.
Сярод прычын канфлікту Кушнераў называе і пытанні “дзесяціны”, і адносіны людзей са штаба да тых, хто ваюе, і ўвогуле паміж падраздзяленнямі.
— Можна ўспомніць, калі ў размяшчэнні часткі Васіль хадзіў з гранатай, баяўся за сваё жыццё літаральна перад звальненнем. Былі такія моманты, — кажа Кушнераў.
Яшчэ адзін добраахвотнік, які быў знаёмы з Васілём, расказаў, што так ці інакш усе былі сведкамі тых канфліктаў.
— Васіль быў нармалёвы хлопец, але, здаецца, вайна і сітуацыя з ПКК моцна на яго паўплывалі ў негатыўны бок. Як то кажуць “паплавіла”. Нават бачна, як ён фізічна змяніўся.
Гатовы паверыць, што нехта з ПКК “настучаў у СБУ” і сказаў маўляў “дрэнныя людзі”, ну яго і прыжалі, забаранілі ўезд ва Украіну. На жаль, тут няма адэкватных і празрыстых схем у адносінах да беларусаў.
Што будзе з Васілём Верамейчыкам у Беларусі, пакуль ніхто не ведае. У сувязі з сітуацыяй дэмакратычныя палітыкі заклікаюць беларусаў, якія выступаюць супраць рэжыму і плануюць эміграваць, вельмі адказна падыходзіць да выбару краіны для пераезду.
Ніякай ўпэўненасці ў тым, што гісторыя Васіля не паўторыцца ў іншых дзяржавах, сёння няма.
Нагадаем, што за апошнія чатыры гады выпадкаў, калі беларускія эмігранты рабіліся аб’ектамі палявання з боку рэжыму Лукашэнкі, было дастаткова.
На Еўрарадыё вы можаце прачытаць некалькі гісторый пра тое, як склаўся лёс беларусаў, якім пагражала дэпартацыя.
Жыццё паводле расійскага наратыву
Вайна паміж Расіяй і Украінай працягваецца, а тым часам Беларусь упадае ва ўсё большую залежнасць ад сваёй усходняй суседкі.
У беларускага экспарту ўсё някепска, кажуць у “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”. Накіроўваючы ўвесь грузапаток у расійскія парты, чыноўнікі выконваюць план, але… краіна плаціць за гэта па поўнай.
— Расіяне могуць круціць тарыфамі як хочуць і шантажаваць Беларусь. Гэта значыць, могуць ставіць любыя ўмовы ў абмен на паніжаныя тарыфныя каэфіцыенты за тона-кіламетр па расійскай тэрыторыі — і Беларусь будзе вымушаная згаджацца.
Пра тое, што сувязь паміж рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна становіцца ўсё мацнейшай, сведчаць не толькі палітычныя і эканамічныя дзеянні, але і іншыя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі.
Так, на гэтым тыдні адбылася прэс-канферэнцыя, дзе журналістам расказалі, пра тое, што адбываецца ў беларускай ЛГБТК+ супольнасці.
Актывістка Наста Базар нагадала, што ў нашай краіне няма закона аб забароне прапаганды ЛГБТ, але ён існуе ў Расіі. Жывучы паводле расійскіх наратываў, беларускія сілавікі затрымліваюць і караюць грамадзян. Прапаганда працуе добра — у існаванне закона пачынаюць верыць нават тыя, хто церпіць ад гэтых рэпрэсій.
Трапіць пад іх сёння можа абсалютна любы чалавек.
— Ёсць адзін вельмі важны прыклад, калі міліцыянеры прынялі гетэрасексуальнага мужчыну за прадстаўніка ЛГБТК+ супольнасці проста таму, што ён добра выглядаў (у яго было акуратнае адзенне, добрая фрызура і прыгожы ненафарбаваны манікюр).
Таксама ёсць два кейсы распачатых крымінальных спраў “за парнаграфію” у дачыненні да трансгендарных персон. Адна з іх была адкрытая на падставе фатаздымка, дзе не было нават аголенага цела. То-бок мы прыходзім да таго, што любы фатаздымак, які будзе счытаны праваахоўнікамі як рамантычны, можа прыраўняцца да прапаганды ЛГБТК+ культуры.
Каб падтрымаць сваіх грамадзян, актывісты стварылі петыцыю супраць закона аб забароне “ЛГБТ прапаганды” у Беларусі. На сёння яе падпісалі амаль 33 тысячы чалавек.
А на сёння ў нас усё. Беражыце сябе і падпісвайцеся на “Кубачак кавы”. А калі вы ў Беларусі, то абавязкова ўтылізуйце гэты кубачак, бо ў ім зашмат “экстрэмізму”.
З вамі была Марыя. Добрых выхадных!