Го на каву! Пагаворым пра Марыю Калеснікаву і цэны ў мас-маркетах
Вітаначкі! Гэта зноў Дзяніс, і зараз мы абмяркуем самыя важныя і цікавыя навінкі мінулага тыдня.
У новым выпуску — пра фатаздымак Марыі Калеснікавай з бацькам, параўнанне цэн у беларускіх і польскіх мас-маркетах, а таксама пра вяртанне “Ролтана” на полкі крамаў.
Улады дазволілі Марыі Калеснікавай пабачыцца з бацькам
Палітзняволеную Марыю Калеснікаву, пра якую нічога не было чуваць з лютага 2023 года, нарэшце паказалі грамадскасці.
На фотаздымку, які апублікаваў у сваім тэлеграм-канале Раман Пратасевіч, Марыя знаходзіцца побач з бацькам.
Паведамляецца, што Пратасевіч быў адным з арганізатараў сустрэчы.
Ён расказаў, што з просьбай пра сустрэчу Калеснікаў звяртаўся да Лукашэнкі. Верагодна, спатканне адбылося менавіта з яго санкцыі. Хаця згодна з законам спатканні вязняў са сваякамі мусяць адбывацца без Лукашэнкі і яго дазволаў. На год — тры кароткатэрміновыя і два доўгатэрміновыя. А ліставанне — увогуле без абмежаванняў.
Але маем, што маем. Дарэчы, бацька Марыі расказаў, што падчас сустрэчы яна "пачувалася бадзёрай, прыгожай". Стан дачкі ў яго не выклікаў нейкай боязі, кажа Аляксандр Калеснікаў.
Яны гаварылі пра сям’ю, сваякоў, сяброў. Разам з тым ён намякнуў пра нядаўнія памілаванні палітвязняў і, верагодна, намякнуў пра прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі: "Я пастараўся данесці да яе тыя змены, якія адбываюцца, і расказаць пра акно магчымасцяў, якое адкрылася, дзякуючы чаму і адбылася наша сустрэча. Яна сказала, што будзе разважаць, будзе думаць".
Бацька Калеснікавай выказаў спадзеў, што надалей адбудуцца змены, якія дазволяць больш кантактаваць з дачкой. "Я жадаю ўсім бацькам, якія ў такім жа становішчы, як і я, знаходзіць шляхі для таго, каб такія вось спатканні, такія сустрэчы сталі магчымымі. Для гэтага трэба шукаць дзверы, грукацца, і, я думаю, усё атрымаецца", — падсумаваў ён.
Дзе шопіцца танней? Параўналі цэны ў беларускіх і польскіх мас-маркетах
Зусім хутка і ў Беларусь, і ў Польшчу прыйдзе чорная пятніца — гэта такі дзень, калі крамы, супермаркеты і нават цэлыя гандлёвыя цэнтры ладзяць вялікія распродажы. І многія мас-маркеты нават ужо цяпер пачалі іх рабіць.
Мы ўзялі, напэўна, самыя вядомыя брэнды, якімі карыстаюцца беларусы, і параўналі цэны на адныя і тыя ж элементы гардэробу. І ведаеце што? У Беларусі ўсё нашмат даражэй!
Ну, вось напрыклад, жаночыя джынсы з сярэдняй пасадкай у польскай “Зары” вы маглі б купіць за 89,90 злотых (77,7 беларускага рубля; тут і далей — па курсе Нацбанка на 11.11.2024), а ў беларускай — за 99,99 рубля. Розніца — больш за 10 рублёў.
У мужчынскім адзеле тое самае: куртка-кашуля на гузіках у варшаўскай краме абыйдзецца вам 99,90 злотых (81,9 рубля), у Мінску за такую ж мадэль давядзецца аддаць на 27 рублёў больш — 109 рублёў.
Такая сітуацыя назіраецца ва ўсіх крамах ад групы кампаній Inditex: у Pull&Bear, а таксама ў Massimo Dutti. Самы вялікі разрыў у цэнах мы пабачылі ў польскага брэнда Big Star.
Напрыклад, красоўкі: у польскай краме яны каштуюць 139,99 злотых (114 рубля), а ў беларускай (увага!) — 260,99 рубля. Розніца — 128%.
З куртками розніца таксама не на карысць Беларусі.
Зімовая мужчынская куртка ў Польшчы ад гэтага самага брэнда абыдзецца вам 259,99 злотых (213 рублёў), у Беларусі вы б заплацілі на 61 рубель больш — 274 рублі.
Спойлеры на выхад!
Вы яшчэ памятаеце, што ў Беларусі хутка пройдуць выбары прэзідэнта? Стаць кандыдатам захацела ну вельмі шмат людзей. А цяпер, чамусьці, як мінімум двое з іх…знялі свае кандыдатуры.
Гаворка пра афіцэра Сяргея Бобрыкава, які сыйшоў, “каб не ствараць канкурэнцыю Лукашэнку”. Яго пра гэта нібыта папрасілі іншыя афіцэры.
“Каб забяспечыць згуртаванасць афіцэрскага корпуса, не дапусціць дваякіх думак сярод вайскоўцаў, каб падтрымаць дзеючага кіраўніка дзяржавы і нашага лідара, мною было прынятае такое рашэнне”, — расказаў ужо былы кандыдат.
Не захацела працягваць “барацьбу” і Вольга Чамаданава, каб стаць “надзейным тылам” для Лукашэнкі.
“Мы разумеем выдатна, што ніхто акрамя нашага прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі сёння не зможа гарантаваць той бяспекі, у якой мы знаходзімся, бяспекі нашай краіны ў першую чаргу і, вядома ж, такога паступальнага развіцця нашай дзяржавы. […] І самае галоўнае — мы надзейны тыл, у чым можна не сумнявацца”.
Дарэчы, Алег Гайдукевіч сваю кандыдатуру пакуль не здымаў. Як лічыце, дацерпіць ён да дня галасавання?
“Ролтан” вярнуўся
Беларусь пратрымалася без локшыны хуткага прыгатавання ўсяго адзін месяц.
Міністэрства аховы здароўя забараніла продаж гэтай прадукцыі ў кастрычніку праз парушэнні нормаў па мікрабіялагічных паказчыках. Сярод іншага ў прадукцыі знайшлі бактэрыі групы кішэчнай палачкі, якія могуць выклікаць сур'ёзныя харчовыя атручванні.
Уносячы забарону, Міністэрства аховы здароўя казала, што прадукты яшчэ змогуць вярнуцца ў беларускія крамы, калі вытворцы выправяць парушэнні.
І вось ужо ў пачатку лістапада “Ролтану” дазволілі вярнуцца. Блогер "Мерзкі какабай" апублікаваў на сваёй пляцоўцы фатаграфію пастановы, падпісанай 11 лістапада, аб адмене забароны на ўвоз локшыны.
А на сёння ў нас усё! Беражыце сябе і падпісвайцеся на “Кубачак кавы”. А калі вы ў Беларусі, то абавязкова ўтылізуйце гэты кубачак, бо ў ім зашмат “экстрэмізму”.
З вамі быў Дзяніс. Добрых выхадных!