Самае цікавае з "Кубачкам кавы": пра міністра-актора, НАТА і штучны інтэлект
Галоўнае за тыдзень у пятнічным аглядзе матэрыялаў Еўрарадыё.
Прывітанне! Сёння падсумаванне тыдня для вас робіць Янка. А тыдзень сапраўды быў насычаны на падзеі ў свеце!
Мы не адрывалі вочы ад пратэстаў у Грузіі, сачылі за рухам паўстанцаў у Сірыі, назіралі за шасцігадзінным ваенным становішчам у Карэі, але і не забываліся пра Беларусь і беларусаў!
Рабі разам з намі каўку і паехалі!
Актор на міністэрскай пасадзе
На пачатку тыдня стала вядома, што Лукашэнка прызначыў на пасаду міністра культуры актора Руслана Чарнецкага. Асабіста у мяне заняло трохі часу, каб згадаць, якімі ролямі гэты дзеяч культуры праславіўся. Ну, акрамя актыўнай падтрымкі Лукашэнкі.
Мы папрасілі нашага калегу і кінааглядальніка Тараса расказаць, які шлях спадар Чарнецкі прайшоў, каб заняць высокую палітычную пасаду.
Куды коціцца Грузія?
Сілавікі збіваюць і жорстка затрымліваюць пратэстоўцаў ды журналістаў, выкарыстоўваюць вадамёты, слёзатачывы газ і гумовыя кулі, але пакуль не могуць прымусіць па-праеўрапейску настроеную частку грузінаў перастаць выходзіць на вуліцы.
Чым можа скончыцца гэты канфлікт улады і грамадзян Грузіі? Чытайце, што на гэты конт думае грузінскі палітолаг Гія Хухашвілі.
Пра што думае NATO
Нашая калега Юля на гэтым тыдні наведала саміт кіраўнікоў МЗС краінаў NATO у Бруселі. Яна была там упершыню, так сама як і міністр замежных спраў Украіны Андрый Сыбіга. Апошні, дарэчы, прыехаў на падзе не з пустымі рукамі, літаральна.
Пра тое, што прывёз украінскі міністр у Брусель і якія тэмы абмяркоўвалі ў штаб-кватэры Альянсу, чытайце ў рэпартажы.
Еўрарадыё пратэсціла ШІ-псіхолага
Здаецца, найгоршы месяц года прайшоў, хутка святы, падарункі ды сустрэчы з блізкімі, але гэта ўсё яшчэ не гарантуе імгненнага паляпшэння настрою. У складаных умовах трэба звяртацца да спецыяліста. Але калі яшчэ больш-менш атрымліваецца не закрыцца ад свету, то на дапамогу можа прыйсці ШІ-псіхолаг.
Наша журналістка Марыя месяц карысталася “Спакойным ботам” у Тэлеграме і падзялілася досведам, як дапамагчы самой сабе, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі.
І, нарэшце, набліжаюцца святы. І калі ты яшчэ перабіраеш ідэі, што падарыць калегам па працы або сябрам, з якімі плануеш тусоўку і “таемнага Санту”, то мы зрабілі невялічкі агляд падарункаў.
На гэтым у мяне ўсё. Зычу вам добрых выходных!
PS: Калі ты ў Беларусі, не забудзь “утылізаваць Кубачак” :)