Хадзем на каву? Абмяркуем сітуацыю на мяжы і аўтарку анекдотаў Радзіну
Вітанькі! Сёння з вамі Яўген, і гэта новы “Кубачак кавы”. Сядайце, расслабляйцеся, будзем абмяркоўваць найбольш цікавыя падзеі тыдня.
Літоўцы з кавай не прапусцяць
Сітуацыя на межах Беларусі, здавалася б, не магла быць яшчэ горшай. Але змагла! На беларуска-польскай мяжы чакаць часам даводзіцца амаль па двое сутак — і гэта зусім не вясёлае чаканне. Можна паскорыцца, перайшоўшы на вольныя месцы ў аўтобусах, якія стаяць бліжэй да шлагбаўмаў. Але гэта каштуе шалёных грошай — ад 40 да 70 еўра.
Выезд аўтобуса з Варшавы затрымаўся на 20 гадзін. Ці можна атрымаць кампенсацыю?
Калі ехаць у Літву, таксама давядзецца змарнаваць час у чарзе. Хаця і менш. Але тут намалявалася іншая праблема: праз новыя абмежаванні літоўскія мытнікі пачалі адбіраць у вандроўнікаў усе прадукты. Так-так, усе, нават цукеркі і бутэлькі з вадой!
Напрыканцы тыдня адбылася лібералізацыя: літоўцы дазволілі правозіць ссабойкі і лекі для ўласнага выкарыстання. Важны нюанс: упакоўка мусіць быць адкрытай. То-бок, каб прывезці сваякам зефіркі, трэба будзе іх крыху панадкусваць.
Не толькі “Партызанфільм”, але і “СВАфільм”
Думалі, у Беларусі могуць здымаць толькі пра Вялікую Айчынную? А вось і не. Цяпер беларускія кінематаграфісты дапамагаюць расійскім калегам кляпаць агіткі пра так званую “СВА” — вайну ва Украіне. У беларускіх актораў вока не торгаецца. Натурная пляцоўка “Беларусьфільма” ў Смалявічах не правалілася ў пекла разам з усёй здымачнай групай.
Фільм прафінансаваў расійскі Мінкульт. Цяпер вы можаце папярхнуцца сваёй кавай: ён ідзе ў катэгорыі “аўтарскае і эксперыментальнае кіно”. Дзесьці ў Даніі заплакаў адзін Ларс фон Трыер.
Вядома, мы не параім глядзець “Сваіх не кідаем”. Таму трымайце топ беларускага кіно, якое можна паглядзець анлайн.
Капеечка на каву
Шмат для каго ў Беларусі добрая кава дагэтуль можа быць раскошай. Напрыклад, у Кармянскім раёне нават афіцыйны сярэдні заробак з улікам падаткаў ледзь-ледзь перавышае тысячу рублёў. Да тых самых “па пяццот” далёка. І не толькі ў Кармянскім раёне.
Нялёгка і бюджэтнікам, асабліва настаўнікам. У некаторых рэгіёнах сярэднія заробкі педагогаў не дацягваюць да той жа тысячы. Крыху лепш у дактароў, але не нашмат.
Вядома, хутчэй растуць заробкі ў чыноўнікаў. Як? Еўрарадыё вывучыла дадзеныя па раёнах.
Іду я па Варшаве…
Рэдактарка “Хартыі” Наталля Радзіна стала аўтаркай анекдота. І не, гаворка не пра “дыктатару засталося тры дні”. Радзіна падзялілася гісторыяй, як ішла па Варшаве, побач спынілася таксоўка, і кіроўца падзякаваў ёй за працу.
Сюжэт не пакінуў нераўнадушнымі карыстальнікаў фэйсбука і твітара (таго, які цяпер проста X). І панеслася.
На наступны дзень Радзіна выказала сваё каштоўнае меркаванне пра выбары ў Каардынацыйную раду. Гэта дало мему другое дыханне.
Як кажа старэйшае пакаленне, пачаўся флэшмоб. Што яшчэ было цікавага? Глядзіце ў рубрыцы “Чык-чырык”, якая нібыта фенікс паўстала з попелу!
Добрых выходных і не забудзьцеся ўтылізаваць кубачак, калі жывяце ў Беларусі. Улады чамусьці лічаць, што мы тут займаемся экстрэмізмам, таму беражыце сябе.