Старыя і новыя прэзідэнты Беларусі і ЗША — Кубачак кавы
Штотыднёвы агляд найлепшых матэрыялаў Еўрарадыё.
Прывітанне! З вамі Янка з Еўрарадыё і кароткі агляд падзеяў тыдня.
Галоўнай тэмай у Беларусі, безумоўна, сталі "перавыбары".
У адрозненне ад “Оскара”, які ўчора абвясціў сваіх сёлетніх намінантаў, мы ўжо ведаем, хто (атрымае галоўную статуэтку) пераабярэцца на новую пяцігодку.
З гэтай нагоды мы вырашылі ўспомніць, як праходзілі папярэднія кампаніі, паназіраць, як улады сёлета заахвочваюць галасаваць, і палічыць, колькі грошай змарнавалі на ўсё гэтае “свята”.
Запарвай каўку і пачынаем.
Два гады за сола-пікет
Але пачнём не з выбараў. На гэтым тыдні нас уразіла гісторыя беларускі Ксеніі, якая на трэці дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе выйшла на адзіночны пратэст у Гродне. Ёй было ўсяго 22 гады.
Праз доўгі пераслед з боку сілавікоў дзяўчына мусіла з’ехаць у Польшчу. Цяпер яна ў бяспецы, але сутыкнулася з няпростымі выпрабаваннямі.
Выбары. Як гэта было раней і да чаго мы прыйшлі цяпер
Памятаеце пацукоў у вадзе, тэрарыстычныя атакі і раскіданыя порначасопісы ў намётавым мястэчку? Гэта элементы правакацый, якія нібыта выкрывалі ўлады перад і пасля выбарчых кампаній у Беларусі ў папярэднія гады? Такое адбывалася амаль кожны год, каб зманіпуляваць ці запалохаць выбаршчыкаў дзеяннямі апазіцыі.
Мы згадалі самыя гучныя здарэнні. А калега Тарас сабраў успаміны жанчыны, якая ўваходзіла ў склад выбаркама аднаго з сельсаветаў у трох электаральных кампаніях: дзвюх прэзідэнцкіх (2006 і 2010 гадоў) і адной парламенцкай (2008 года).
Перабіраемся да нашых часоў. Ці згодныя беларусы з тым, што пераможца на "выбарах" вядомы загадзя? У дакладзе сацыёлагаў, прымеркаваным да сёлетніх выбараў, гаворыцца, што 89% апанентаў улады выказалі поўную згоду з гэтым, большасць заўзятых прыхільнікаў не змагла адказаць, і толькі малая частка апытаных не пагадзілася з гэтай думкай.
Лічбы — лічбамі, а мы спыталі простых беларусаў, якія жывуць у краіне, што яны думаюць пра выбары, ці пойдуць галасаваць і за каго б прагаласавалі.
“Я нават думала, што ён будзе адзіным кандыдатам. Мне зразумела, чаму яны праводзяцца ў студзені. Насамрэч пакуль я думаю, як лепей зрабіць. Не бачу сэнсу ў выбары без выбару, а паказваць, нібыта ў нас неймаверная яўка, таксама не хочацца. Таму ў сумневах, ці ёсць сэнс увогуле”.
Таксама мы паглядзелі, як улады заахвочвалі грамадзян прыходзіць на выбарчыя ўчасткі ў Tiktok. Асцярожна: пасля гэтых ролікаў не толькі становіцца зразумела, чаму людзі не хочуць галасаваць, але і самому можа спатрэбіцца адпачынак ад інтэрнэту.
Дарэчы, пра інтэрнэт.
Ёсць вялікая імавернасць, што 26 студзеня ўлады могуць адключыць інтэрнэт у краіне, як гэта было падчас выбараў 2020 года. Пра гэты сведчаць начныя збоі ў працы інтэрнэту, якія назіраліся цягам апошніх месяцаў.
Каб падрыхтаваць вас да шатдаўну, мы звярнуліся да ініцыятывы Cyberbeaver і арганізацыі “Кіберпартызаны” па парады. Памятайце, папярэджаны — значыць узброены!
І на канец наша калега Ліза палічыла, колькі змарнавалі ўлады на "выбары"-2025. Шчыра, мы ведаем пра інфляцыю, але цэны працягваюць моцна ўражваць.
А недзе на іншым баку глобуса…
Дональд Трамп афіцыйна заняў пасаду 47-га прэзідэнта ЗША. У першы ж дзень ён падпісаў адразу некалькі гучных указаў. Напрыклад, пра ўвядзенне надзвычайнага становішча на мяжы з Мексікай ці пра прыпыненне ўсіх праграм дапамогі іншым краінам на 90 дзён.
Яшчэ да ўступлення на пасаду ён заявіў пра жаданне вярнуць Панамскі канал. Чым ён так важны і пры чым тут Кітай, разабраўся наш калега Улад.
Амбітна, трохі неспакойна, яшчэ і “рымскі салют” Маска — чаго чакаць ад гэтай адміністрацыі беларусам?
Пакуль на гэтае пытанне адказаць немагчыма, але мы сабралі для вас выказванні новага дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа (менавіта ён будзе адказваць за замежную палітыку ЗША) пра Беларусь і наш рэгіён, каб зразумець пазіцыю хаця б гэтага ключавога ведамства.
"Пасля фіктыўных выбараў у Беларусі ў мінулым месяцы [у жніўні 2020-га] беларускі народ смела выйшаў на вуліцы, каб адстаяць свае правы, уключаючы права свабодна і сумленна абіраць сваіх лідараў. Цяпер Лукашэнка з'яўляецца нелегітымным прэзідэнтам, а яго рэжым, які мае цесныя сувязі з Пуціным, падрывае бяспеку ў рэгіёне. ЗША павінныя падтрымліваць беларускі народ і ўводзіць санкцыі супраць тых, хто нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў".
На гэтым у мяне ўсё.
Будзьце здаровыя і ўважлівыя! А калі вы ў Беларусі, не забудзьце “ўтылізаваць” Кубачак :)