Прысуд гвалтаўніку беларускі Лізы і смерць Дэвіда Лінча — Кубачак кавы
Узгадваем падзеі тыдня праз важныя матэрыялы Еўрарадыё.
Добрага пятнічнага вечара! З вамі Тарас Тарналіцкі з Еўрарадыё і кароткі агляд важных тэм, на якія наша рэдакцыя звярнула ўвагу цягам мінулага тыдня.
А за апошнія сем дзён шмат што адбылося. Мы выпусцілі падкаст з вайсковым добраахвотнікам “Джынам”, які падзяліўся сваёй перапіскай з маці. Паразмаўлялі з беларусам Андрэем, які назіраў як згарае частка Лос-Анджелеса. Пабывалі на агучванні прысуду Дорыана С. — гвалтаўніка, забіўшага беларуску Лізу ў мінулым годзе. І парыліся ў фільмаграфіі майстра кінасюрэалізма Дэвіда Лінча, які літаральна на днях памёр ад эмфізэмы лёгкіх.
Нас чакае невялікая і натхняльная вандроўка. Хватай кубачак кавы — і пачнем яе.
Размова добраахвотніка з бацькамі
Аб чым думаюць жаўнеры, ваюючы на ўкраінскім фронце?
Акрамя пастаўленых камандаваннем мэтаў і жадання выжыць — яны думкамі пра блізкіх людзей.
Іх гісторыю ліставання пераказвае серыя падкастаў Еўрарадыё "Як ты?". У ім распавядаецца пра тое, пра што ваяры маўчаць, калі на пытанне "Як ты?" проста адказваюць: "Я ў парадку".
Першы выпуск прысвечаны Міколе з пазыўным “Джын”. Хлопец ваюе сярод беларускіх добраахвотнікаў і абараняў горад Курахава на Данеччыне, які нядаўна занялі расійскія войскі.
Галівуд у полымі
Багатыя таксама плачуць — асабліва калі іх маёмасць знішчае некантралюемая стыхія.
Больш за тыдзень Заходняе ўзбярэжжа ЗША, дзе знаходзіцца горад амерыканскай кінаіндустрыі Лас-Анджэлес, пакутуе ад пажараў. За гэты час сотні тысяч чалавек былі эвакуяваныя, дзясяткі тысяч будынкаў згарэлі, а дзясяткі чалавек загінулі.
Еўрарадыё паразмаўляла з беларусам Андрэем, які ўжо больш за два гады жыве недалёка ад Галівуда. Ён распавёў, як горад мрояў перажывае катастрофу.
Пакаранне забойцу Лізы
Памятаеце амаль год таму ў Варшаве разыгралася трагедыя з беларускай эмігранткай Лізай, якую згвалціў і фактычна забіў мясцовы жыхар Дорыан С.?
Дык вось гэта жудасная гісторыя дайшла да справядлівага фіналу — суд прысудзіў гвалтаўніку пажыццёвае зняволенне і 200 тысяч злотых кампенсацыі на карысць брата і бойфрэнда дзяўчыны.
Журналістка Еўрарадыё Янка Рэн была на прысудзе і запісала словы суддзі Паўла Добаша, якія вартыя ўвагі:
— <...> Пакаранне, якое суд прызначыў вінаватаму за такое жорсткае злачынства, можа быць сустрэтае пэўнымі словамі абурэння і можа падацца парадаксальным, але гэта дэманстрацыя слабасці грамадства і дзяржавы, бо гэта пакаранне ніколі не верне яе да жыцця.
Шэдэўры фільмаграфіі Дэвіда Лінча
Памёр Дэвід Лінч — мастак з міравым імем і проста сумленны чалавек надзвычайна шырокіх талентаў.
За свае 78 год свайго жыцця ён паспеў сцвердзіцца ва ўсім, чым бы ні занімаўся: маляванні карцін, фатаграфіі, здымках кліпаў, пісьменніцтве, трансцэндэнтнай медытацыі, напісанні музыкі.
Я прапанаваў чытачам Еўрарадыё свой суб’ектыўны погляд на лепшыя працы майстра мастацкага абсурду і жыццёвага сюррэалізму, сярод якіх вы знойдзеце як знакамітыя праекты (“Твін Пікс”, “Малхоланд драйв”), так і забытыя працы рэжысёра (“Галава-гумка”, “Унутраная імперыя”, “Сіні аксаміт”).
***
На гэтым усё. Дапівайце каву і ўрывайцеся ў студзеньскія выходныя! Сустрэнемся з вамі ўжо ў наступную пятніцу.