Абмяркуем за “Кубачкам кавы” санкцыі і пыл над Беларуссю
Даставайце свае маскі і рэспіратары: на нас рухаецца воблака пылу.
Гэтая раніца пачалася страшным відэа. І не, мы не пра тое відэа, якое зняла камера відэаназірання на звычайным доме ў Калінкавічах (на ім чуваць вельмі пазнавальны гук пралёту і выбуху “Шахеда”).
Мы пра відэа, якое з’явілася следам. У гэты звычайны калінкавіцкі дамок зайшлі сілавікі, каб затрымаць жанчыну за тое, што відэа пабачылі ў сеціве.
Жыць у краіне небяспечна — і страшна. Калі ласка, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, выдаліце гэты ліст са сваёй паштовай скрыні, як толькі прачытаеце.
Як мы шукалі немца, "караля" цыбульных плантацый
На гэтым тыдні нашая журналістка Юля намагалася знайсці нямецкага дэпутата Ёрга Дорнау.
Дома ён прадстаўляе партыю "Альтэрнатыва для Германіі". У Беларусі — гадуе цыбулю. Днямі Reform.news апублікаваў расследаванне, у якім гаварылася, што на беларускіх плантацыях нямецкага палітыка працуюць палітзняволеныя. Прычым ён асабіста прыязджаў правяраць іх працу.
Нашую журналістку гэта ўсё моцна абурыла, і яна вырашыла дабрацца да Дорнау і задаць яму ўсе пытанні, што набраліся ў беларусаў. Калі каротка, Юля даслала пытанні усім — ад парламента Саксоніі да цэнтральнага апарату партыі "Альтэрнатыва для Германіі" і асабістага офіса палітыка. Адказу не было.
Мы дагэтуль чакаем адказу ад пыртыі “Альтэрнатыва для Германіі”.
Калі здымуць санкцыі?
А ў студыі Еўрарадыё на гэтым тыдні горача абмяркоўвалі пытанне зняцця санкцый і вызвалення палітзняволеных.
Спачатку да рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука прыйшоў Валер Кавалеўскі. Ён адказаў на галоўны аргумент, да якога апелююць тыя, хто катэгарычна адхіляе магчымасць перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. А які гэта аргумент? Правільна: гэтых выпусціць — новых набраць. І што нам з гэтым рабіць?
— Рэпрэсіі не спыняюцца, людзі выходзяць — а на іх месца трапляюць іншыя, прычым па тых жа палітычных матывах. Для людзей, якія выходзяць, гэта важна, але для самога працэсу… — разважае Лукашук.
— Я згодны, для працэсу гэта дрэнна, але ж мы змагаемся не толькі за працэс, але і за лёсы канкрэтных людзей, — адказвае яму Кавалеўскі. — Калі ёсць магчымасць вызваляць іх сёння і цяпер, трэба карыстацца ёю і выцягваць людзей з турмаў. Можна ўсё скласці ў адзін пакет і сказаць: мы вырашаем праблему пакетна. У гэтым пакеце ўсё: ад спынення рэпрэсій да правядзення новых выбараў. Але ці рэалістычна разлічваць, што мы пакетна зможам за адзін дзень памяняць сітуацыю? Таму часам трэба сегментаваць праблему і разбіваць яе на падпраблемы.
Да таго ж вызваленне палітзняволеных ідзе на карысць грамадству, гэта дадае сіл і надзеі.
Чаго рэжым Лукашэнкі сёння не разумее, дык гэта таго, што вызваленне палітвязняў ідзе на карысць нават яму самому.
— Мяне здзіўляе, што сёння няма паразумення, ці трэба нам размаўляць з рэжымам. Толькі праз дыялог і дамоўленасці мы зможам вырашыць унутрыпалітычны крызіс Беларусі. Сёння я чую меркаванні: не, яны недакранальныя, мы не можам весці з імі перамовы.
Даруйце, але нават у Расіі працуе дыпкорпус і ёсць дыялог з Захадам. І мы не можам адмаўляцца ад вывучэння пазіцый адно аднаго.
Але трэба ўважліва ставіцца да таго, хто сапраўды можа быць перамоўцам “з таго боку”.
Беларускае грамадства не адзінае, хто мае патрэбы ў зменах, зазначае Кавалеўскі. Змены патрэбныя і самому Лукашэнку.
Але яшчэ Лукашэнку патрэбнае зняцце санкцый. Як гэтага дамагчыся? У той жа дзень у той жа студыі на гэтую тэму разважаў эканаміст Уладзімір Кавалкін:
— Давайце ўявім сабе сітуацыю. Сабралася каманда: Сікорскі, Шольц, Макрон. Прыехала ў Мінск і кажа: вызваляй усіх, мы здымаем санкцыі. І ўсе шчаслівыя. Яны вяртаюцца назад — і ім трэба неяк правесці дэ-юрэ гэтае зняццё санкцый.
І на іх пададуць у суд за тое, што санкцыі здымаюцца не праз тое, праз што ўводзіліся. І гэта будзе казус. І гэта ўсе разумеюць. Ты перавысіў хуткасць і просіш адмяніць табе штраф, бо ты добра ўсміхаешся.
Ён мусіць паказаць, што не проста прыемна ўсміхаецца ўсім, а што неяк змяніў усю сваю палітыку, што паводзіць сябе як цывілізаваны чалавек. Што не саджае людей, што не спрыяе вайне, што беларускія прадпрыемствы не разганяюць вытворчасць, каб пастаўляць тавары ў Расію, і гэтак далей. Трэба змяніць тое, за што гэтыя санкцыі былі накладзеныя.
Гучыць, нібыта зрабіць усё правільна не так і цяжка.
Алё, гэта Сяргей Басараб?
А цяпер пра тое, што датычыць усіх, нават тых, хто не цікавіцца палітыкай. На Беларусь рухаецца воблака пылу (і не апошняе).
Сёлета пылавыя буры ўжо назіралася ў сакавіку-красавіку, і тады яны ішлі з пустыні Сахара. Цяпер жа пыл ляціць з тэрыторыі Казахстана, многія кажуць, што гэты пыл — з Прыкаспійскай нізіны. Фактычна гэта пясок ці пылападобныя фракцыі глебы, якія існавалі на засушлівых і паўзасушлівых тэрыторыях, потым іх проста падняла ў атмасферу моцным ветрам і панесла далей.
Што рабіць? Калі нехта ў рэдакцыі Еўрарадыё пачынае алярмаваць праз незразумеласць з’явы, мы тэлім навукоўцу Сяргею Бесарабу, і ён нам усё тлумачыць.
Вясной мы разам з Бесарабам вызначаліся, як збіраць бярозавы сок, летам — як выбіраць крэм з SPF, ну а ўвосень шукаем сродкі абароны ад пылу.
— Вірус гэта, радыяцыя ці пясчаная бура — абараніцца ад іх можна з дапамогай спецыяльнага рэспіратара, супрацьпылавой маскі або акуляраў з антыфог-пакрыццём,— кажа нам спадар Сяргей.
Ён упэўнены, што гэта базавы набор для кожнага чалавека.
А мы ўпэўненыя, што ў базавы набор для кожнага чалавека ў пятніцы ўваходзіць і наш “Кубачак кавы”. Таму падпішыце сваіх, калі яшчэ гэтага не зрабілі.
А калі вы ў Беларусі — не забывайцеся своечасова ўтылізаваць гэты “Кубачак”.