Выбухі на Гомельшчыне і каланіяльныя амбіцыі Трампа — Кубачак кавы
Першы сёлета агляд матэрыялаў Еўрарадыё.
Прывітанне! Гэта Янка з Еўрарадыё і кароткі агляд найцікавейшых тэмаў, на якія мы звярнулі ўвагу на гэтым тыдні.
Як праходзіць тваё “вяртанне да жыцця” пасля ўсіх магчымых навагодніх святаў і доўгіх выходных? Як на мяне, яно было насычанае падзеямі як радаснымі, так і трывожнымі. Але ўсё па парадку. Запарвай каўку і пачынаем.
Раман Пратасевіч паказаў Віктара Бабарыку
Упершыню за доўгі час у сацсетках з’явіліся здымкі і відэа палітвязня Віктара Бабарыкі. На іх адразу заўважна, што за 4,5 года зняволення ён моцна пастарэў.
Палітвязень запісаў відэазварот, у якім звярнуўся да сваіх блізкіх. "Я вас усіх вельмі люблю. Усяго найлепшага!" — сказаў ён у канцы відэароліка. Таксама Віктар Бабарыка напісаў лісты сваякам (сувязі з імі не было з 2023 года).
Выбухі над Гомельшчынай
У ноч з 7 на 8 студзеня жыхароў Навабеліцкага раёна Гомеля і пасёлка Чонкі абудзіў моцны выбух. За дзень да гэтага быў чуваць гучны выбух у раёне вёскі Зябраўка.
Інфармацыю пра тое, што гэта за выбухі, Еўрарадыё паспрабавала атрымаць у мясцовых уладаў і сілавікоў. Вось кавалак размовы:
— Вы ведаеце, мы такой інфармацыі не маем.
— А хто мае?
— Мы — раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Мы ж не армія там якая-небудзь. У нас такой інфармацыі няма, калі хочаце, можаце прыехаць да нашага начальніка на асабісты прыём, прабачце.
Дарэчы, на Гомельшчыне да канца студзеня праводзіцца навучальны збор тэрабароны. Гэта не штосьці новае, але кожны рух войскаў на паўднёвай мяжы выклікае дыскамфорт у суседзяў. На гэтым тыдні мы сабралі каменты пра тое, што думаюць украінцы пра ваенныя вучэнні ў Беларусі.
Трамп захоплівае свет?
Абраны прэзідэнт ЗША яшчэ не ўступіў на пасаду, але паспеў устрывожыць увесь свет сваімі заявамі. Напрыклад, пра далучэнне да ЗША Канады ці вострава Грэнландыя, які з’яўляецца часткай Даніі.
Ці нясуць такія выказванні пагрозу ўсяму свету? Ці чакае нас новы перадзел тэрыторый, асабліва ўлічваючы вайну, якую Пуцін развязаў ва Украіне?
Гэтыя ды іншыя пытанні наш калег Тарас задаў траім экспертам: юрыстцы-міжнародніцы Кацярыне Дэйкала і гісторыкам Аляксандру Фрыдману і Яўгену Красуліну.
Пра няфайны Новы год
Памятайце фразу: “Калі вашая імпрэза не падобная да гэтай, нават не клічце”? Пра гісторыю, якая адбылася ў навагоднюю ноч з беларусамі ў Варшаве, можна сказаць адваротнае.
Аляксей і Павел сустракалі 2025-ы ў варшаўскім рэстаране "Paros". Усё было добра, пакуль хлопцы не вырашылі выйсці ў прыбіральню. Туды знянацку падляцелі ахоўнікі і пачалі іх збіваць. Доўга і моцна.
Мінула ўжо 10 дзён, а хлопцы дагэтуль праходзяць медыцынскія праверкі і чакаюць адказаў з польскай пракуратуры і паліцыі. Падрабязней пра сітуацыю чытайце тут.
На гэтым у мяне ўсё.
Будзь здаровы і ўважлівы! А калі ты ў Беларусі, не забудзь “утылізаваць” Кубачак :)