Запрашаем на кубачак кавы! Абмяркуем плёткі пра бастардаў дыктатараў і Палессе
Добра, што вы з намі — і не прапусціце ўсё самае цікавае!
Хто з дыктатараў любіць пагуляць па дзеўках?
На мінулым тыдні выйшла журналісцкае расследаванне пра пазашлюбную дачку Аляксандра Лукашэнкі. Яе маці — цырульніца са Шклова, аўтарка славутага “зачосу” свайго боса.
Хто з сучасных дыктатараў яшчэ нагуляў сабе нашчадкаў?
А хоць бы і названы “старэйшы брат” Лукашэнкі Пуцін. Незразумела толькі, хто з каго бярэ прыклад.
У Пуціна ёсць як мінімум адна пазашлюбная дачка, Лізавета Крываногіх (вядомая як Луіза Розава), народжаная ад прыбіральшчыцы Святланы. І яшчэ трое дзяцей ад кулуарнай каханкі — экс-гімнасткі Аліны Кабаевай. Усе яны ўжо мільянеры, калі не мільярдэры: сваіх нашчадкаў Пуцін грашыма не абдзяляе.
У Кім Чэн Ына — здавалася б, паўночнакарэйская ікона сямейнасці! — як мінімум адна пазашлюбная дачка. Вядома, што дзіця нарадзілася да моманту афіцыйнага афармлення адносінаў Кіма і яго цяперашняй жонкі Лі.
Віктар Януковіч, збеглы былы прэзідэнт Украіны, нажыў аднаго сына па-за шлюбам. З жонкай, з якой ён пражыў 45 гадоў, Януковіч развёўся ў 2017-м. І цяпер жыве з Любоўю Паляжай — сястрой сваёй хатняй супрацоўніцы. Яна выехала з Украіны падчас падзей на Майдане ў 2014-м ужо цяжарнай. Сын з маці цяпер жывуць у Крыме.
У “друга Уга”, аказалася, ёсць дзве пазашлюбныя дачкі. Ідэалізаваны вобраз Уга Чавеса, венесуэльскага рэвалюцыянера, пасля яго смерці разбурыў наступны аўтакрат Нікалас Мадура. Ён апублічыў інфармацыю пра дзюх дачок Уга ад сцюардэсы, што працавала на прэзідэнцкім лайнеры.
Беларуску хацелі згвалтаваць у таксі
Ад дыктатараў з сумнеўнай мараллю пяройдзем да навязлівай увагі ў сэрвісах, дзе яе менш за ўсё чакаеш — напрыклад, у таксі.
На гэтым тыдні Еўрарадыё атрымала трывожны ліст ад знаёмых беларускі, якую спрабаваў згвалціць кіроўца аднаго з папулярных у Беларусі сэрвісаў таксі.
Разбіральніцтва пакуль вядзецца, а мы задаліся пытаннем: а што рабіць у такой сітуацыі, ці ёсць шанец і магчымасць сябе абараніць?
Фемактывістка Наста Базар дала свае рэкамендацыі:
- Трымайце пад рукой смартфон і знайдзіце ў аплікацыі сэрвісу кнопку адпраўкі паведамлення пра небяспеку — у такім выпадку звесткі маршрута трапяць у службу бяспекі сэрвісу;
- Разбярыцеся ў наладах свайго смартфона і навучыцеся адпраўляць SOS-сігнал давераным кантактам — гэта, як правіла, робіцца паслядоўным націсканнем кнопкі выключэння гаджэта;
- Гучна крычыце і клічце на дапамогу, прыцягвайце ўвагу — таксама можа дапамагчы.
Гісторыя транс-беларуса, якая добра скончылася
Са складаных сітуацый карысна ўмець выходзіць з горда паднятай галавой. Гэта вельмі складана — але магчыма. Мы пагаварылі пра гэта з Маратам, 37-гадовым беларусам, які прайшоў праз транс-пераход, ціск і пагрозы, бясконцую беларускую бюракратыю і эміграцыю, але ўрэшце вытрымаў усе выпрабаванні і спазнаў спакойнае жыццё.
І хоць працэдура змены полу ў Беларусі абсалютна легальная, апошнія два гады дзяржава сабатуе гэтую магчымасць. Ад Марата мы даведаліся, што каля 80% выпадкаў заканчваюцца адмовай рабіць аперацыю.
У мінулым жыцці Марат нарадзіў чацвярых дзяцей — а потым вырашыў рабіць пераход і дабіўся гэтага ад дзяржаўнай аховы здароўя. Але праз ціск на дзяцей вырашыў з’ехаць — і цяпер сям’я жыве ў Францыі.
Хто вінаваты ў праблемах у Беларусі?
Гісторыя Марата агаляе праблемы, пра якія дзяржава ўвогуле не хоча гаварыць. Беларуская прапаганда ў гэты ж час не перастае трубіць пра тое, як стабільна жыць за Лукашэнкам і як усё разваліцца, калі ён адыдзе ад улады.
Ён сам рэгулярна абрынаецца з крытыкай на адказных за медыцыну, адукацыю, культуру і іншыя сферы. І кінематограф — ганьба, і ў недахопе медыкаў вінаватыя самі дактары, і ў навуцы адны правалы, а ў тым, што моладзь не хоча вучыцца ў Беларусі, аказаліся вінаватыя ідэолагі і выкладчыкі. І нават СМІ, якія аблізваюць яго з ног да галавы, робяць гэта, відаць, неяк не так: і ў іх бок кінуў маланкі, загадаўшы “казаць праўду і нічога, акрамя праўды”.
Ну-ну. Можа, нехта ўсё ж скажа яму праўду, што гэты бардак утварыўся пры ім?
Паляшуцкая мова — мова вершаў?
Але давайце скончым на прыемным! Раім паслухаць нашу размову з журналістам, медыяменеджарам і пісьменнікам Аляксеем Дзікавіцкім — ён мілагучна размаўляе “по-свойому” і чытае вершы з новай кнігі, напісаныя на мове бацькоў. І разважае наконт таго, чым адрозныя палешукі і чаму ў горадзе не любяць “вясковую” мову.
На сёння ўсё! Беражыце сябе, не страчвайце бадзёрасці і надзеі на лепшае, падпісвайцеся на наш “Кубачак кавы” і не забудзьце знішчыць гэты ліст пасля прачытання, калі вы ў Беларусі.
Да новых сустрэч!