Го на каву! Пагаворым пра выбары і закрыццё моўных школ
Вітаначкі! Гэта зноў Дзяніс, і зараз мы абмяркуем самыя важныя і цікавыя навінкі мінулага тыдня.
У новым выпуску — пра закрыццё вядомых школ замежных моў, псіхічнае здароўе беларусаў (прабачце, але тэма сапраўды вострая) і прэзідэнцкія выбары.
Спынілі працу адразу дзве школы моўных курсаў. Супадзенне?
Днямі стала вядома, што ў Беларусі спыніла працу адна з самых вядомых школ замежных моў — “Стрымлайн”.
Але як высветліў Альянс расследавальнікаў Беларусі, яшчэ нядаўна такіх планаў у паспяховага бізнесу не было.
Што ж адбылося? На пачатку кастрычніка ў офіс навучальнага цэнтра прыехала фінансавая міліцыя. Сілавікі правялі ператрус, адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнесам, заблакавалі рахункі, праз што выкладчыкі не маглі атрымаць заробак, а студэнты — аплаціць навучанне.
На думку расследавальнікаў, або рэжым так расчышчае поле пад "сваіх", або хоча спыніць адток моладзі за мяжу.
Вучні ў сацсетках пачалі абурацца, бо грошы заплачаныя, а заняткаў няма.
Сама школа пацвердзіла, што спыняе працу, але магчымасці вярнуць навучэнцам грошы пакуль няма. “Стрымлайн” працаваў у Беларусі больш за 15 гадоў.
Але гэта не ўсё: моўная школа “Лідар” таксама прыпыніла сваю дзейнасць. Журналістка Еўрарадыё спрабавала запісацца туды на курсы, але ёй адмовілі.
“Мы не можам вам прапанаваць нашы паслугі, якія былі дагэтуль”, — сказаў адзін з супрацоўнікаў кампаніі.
Супадзенне гэта ці не, невядома. Але закрыццё адразу дзвюх буйных прыватных школ — дзіўная тэндэнцыя.
Хутка новыя выбары Лукашэнкі!
А вось гэта сапраўды гарачая навіна. Выбары.
Палата прадстаўнікоў прызначыла іх на 26 студзеня 2025 года. Занадта рана? Магчыма.
Паводле Канстытуцыі яны мусілі адбыцца не пазней за 20 ліпеня, але ўлады чамусьці вырашылі паспяшацца. Існуе меркаванне, што ўзімку яны адчуваюць сябе больш упэўнена, бо актыўнасць людзей на вуліцах, нават на этапе збору подпісаў, заўсёды прыкметна меншая.
Старшыня ЦВК Ігар Карпенка звязаў гэта з тым, што "ўступленне на пасаду зноў абранага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у пачатку 2025 года дасць магчымасць яму ажыццяўляць свае паўнамоцтвы на пачатковай стадыі стратэгічнага планавання".
Нічога не зразумела, так? Нам таксама.
Тым не менш Лукашэнка ўжо пацвердзіў, што будзе ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Спрабаваць свае сілы вырашыў і Алег Гайдукевіч.
Дэмсілы на чале са Святланай Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі і Каардынацыйнай радай апублікавалі заяву, у якой заклікалі Лукашэнку спыніць рэпрэсіі і правесці выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Яны прапанавалі 26 студзеня 2025-га галасаваць супраць усіх.
Колькасць самагубстаў здзіўляе
Ну і як без жахаў. Выбачайце, але гэта сапраўды вельмі важна. Гаворка пра самагубствы.
Звесткі па сваёй вобласці з нагоды Сусветнага дня спынення самагубстваў нечакана апублікаваў Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі.
Дык вось паводле яго, жыхары Віцебшчыны за 8 месяцаў 2024 года здзейснілі 117 суіцыдаў. Абсалютная большасць з тых, хто добраахвотна развітаўся з жыццём, — мужчыны працаздольнага ўзросту. Такіх 103 чалавекі.
З той самай публікацыі мы даведаліся, што, паводле статыстыкі СААЗ, Беларусь уваходзіць у першую дзясятку краінаў па колькасці суіцыдаў. І што самагубства як прычына смерці займае чацвёртае месца — пасля сардэчна-сасудзістых захворванняў, раку і хваробаў органаў дыхання.
Паводле віцебскіх псіхіятраў і нарколагаў, самая складаная і дэпрэсіўная сітуацыя склалася ў 14 раёнах Віцебскай вобласці (агулам яна падзеленая на 21 раён).
У Беларусі рост дзіцячых суіцыдаў. Што трэба ведаць бацькам — парады экспертаў
Па суіцыдах у пераліку на 100 тысяч чалавек у лідарах Дубровенскі раён (56,88), далей ідуць Мёрскі (53,37), Шаркаўшчынскі (48,90), Талачынскі (47,01) і Лёзненскі (44,36).
Как уберечь тех, кому надоело жить? Советы психиатра
Таму, калі ласачка, беражыце сваё ментальнае здароўе. Гэта вельмі важна.
Інтэрв’ю з чэшскім бібліятэкарам і дысідэнтам — толькі на Еўрарадыё
А яшчэ пару дзён таму наша журналістка Марыя Вайтовіч выпусціла інтэрв’ю з чэшскім дысідэнтам Іржы Грунтарадам.
Ён расказаў пра сваю вялізную бібліятэку чэшскага самвыдату часоў камунізму, падзяліўся дысідэнцкімі ўспамінамі, а таксама паразважаў наконт сітуацыі ў Беларусі.
Цалкам інтэрв’ю можна паглядзець па гэтай спасылачцы.
А на сёння ў нас усё! Беражыце сябе і падпісвайцеся на “Кубачак кавы”. А калі вы ў Беларусі, то абавязкова ўтылізуйце гэты кубачак, бо ў ім зашмат “экстрэмізму”.
З вамі быў Дзяніс. Добрых выхадных!