Го на каву? Абмяркуем і “ураган стагоддзя”, і псіхалагічнае здароўе беларусаў
Вітаем! Сёння з вамі Дзяніс, і зараз мы абмяркуем самыя цікавыя тэмкі гэтага тыдня.
Тут вам і ўраган у Фларыдзе, і ўручэнне Нобелеўскай прэміі, і нават Азаронак (прабачце). Сядайце, як вам зручна, мы пачынаем!
Азаронак цяпер рэжысёр — новая рэчаіснасць цяперашняга беларускага кіно
Пачнем з эксклюзіўнага крынжа. Наш рэдакцыйны кінакрытык Тарас Тарналіцкі, як і належыць сапраўднаму журналісту, па сваіх каналах атрымаў цікавы інсайд: Рыгора Азаронка запрасілі працаваць рэжысёрам на “Беларусьфільме”.
Па чутках, Азаронак будзе здымаць два праекты, звязаныя з падзеямі 2020 года. На студыю Азаронак трапіў праз пратэкцыю сённяшняга гендырэктара Юрыя Аляксея.
Прапагандыст не аднойчы абураўся, што “Беларусьфільм” не здымае фільмы пра тое, як рэжым задушыў пратэсты ў 2020 годзе. І цяпер, відаць, яго мара здзейсніцца.
Малодшы Азаронак, як і бацька, скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысёр”. Дыпломнай працай Рыгора стаў фільм “Салдат Хрыста”.
З таго часу Рыгор Азаронак пакінуў кіно і заняўся журналістыкай, але цяпер у яго з'явіўся шанец рэалізаваць свае аўтарскія амбіцыі.
Ну што, з пераможцам “Залатой маліны”, атрымліваецца, вызначыліся?
“Ураган стагоддзя” навараціў спраў у Фларыдзе і закрануў беларусаў. Як яны там?
“Мілтан” абрынуўся на Фларыду менш чым праз два тыдні пасля разбуральнага ўрагану "Хэлен". Максімальная хуткасць ветру “Мілтана” дасягала 195 км/г. Жахліва, праўда? А мы знайшлі беларусаў, якія бачылі ўсё сваімі ўласнымі вачыма.
Генадзь і Ірына жывуць у горадзе Груўлэнд, ураган прыйшоў да іх у сераду. Кажуць, рыхтавацца пачалі загаддзя: закупіліся прадуктамі, вадой, набылі бензін (хоць гэта і было вельмі складана), схавалі ўсе рэчы ў дом і пачалі чакаць.
“Заставалася толькі чакаць і маліцца” — згадвае Ірына.
А потым пачалося…
Генадзь кажа, што гук ад ветру быў такі, быццам таранам малацілі ў дзверы, вокны і сцены, а ўнутры дома было нават кепска чуваць адно аднаго.
“Жонка здымала сам ураган, але фота і відэа не перададуць сапраўднай атмасферы. Гэта трэба было бачыць на ўласныя вочы. У жыцці ветру такога не бачыў, дождж літаральна гарызантальна слаўся. Захапляльнае і адначасова страшнае відовішча”.
Ірына дадае, што ў хаце трэсліся сцены, а ў пакоі хістаўся ложак.
“Такое я бачыла ўпершыню, гэта не проста калі адчуваеш вецер — гэта калі ты яго бачыш”.
Афіцыйна ўраган яшчэ працягваецца, але, здаецца, ідзе на спад. Амерыканскія ўлады кажуць пра двух загінулых.
Генадзь і Ірына пагаджаюцца, што і людзі, і сама сістэма адрэагавалі вельмі добра. Яны ўпэўненыя, што калі б такое здарылася ў Мінску, то ён бы проста разбурыўся.
А вы як лічыце?
Нобель і беларускія карані
Перанясёмся ў Швецыю — на гэтым тыдні там узнагароджвалі пераможцаў Нобелеўскай прэміі. І ведаеце што? Адзін з яе ўладальнікаў мае беларускія карані!
Гаворка пра Віктара Эмбраса. Па гарачых слядах Еўрарадыё высветліла, што яго бацька нарадзіўся на Ашмяншчыне роўна за 100 гадоў да таго, як у Стакгольме абвясцілі імёны набеліянтаў.
Вёска Дордзішкі, дзе ў кастрычніку 1924 года з'явіўся на свет Лангін Багдан Эмбрас, у міжваенны час была часткай Польшчы — як і ўся Заходняя Беларусь. З тых дзён назва вёскі крыху памянялася. Цяпер яна называецца Доргішкі — і па-ранейшаму знаходзіцца ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці.
Сам Віктар Эмбрас казаў, што яго бацька — уцякач з Польшчы. Пасля Другой сусветнай вайны Лангін Багдан пераехаў у ЗША. А будучы нобелеўскі лаўрэат нарадзіўся 1 снежня 1953 года ў мястэчку Хановер у штаце Нью-Гэмпшыр.
Дарэчы, прэмію Эмбрасу ўручылі па фізіялогіі і медыцыне за даследаванні ў галіне малекулярнай біялогіі і генетыкі. Разам з ім узнагародзілі і амерыканскага даследчыка Гары Раўкана.
Беларусы моцна пакутуюць на псіхічнае здароўе
Даруйце, але напрыканцы яшчэ крышачку жахаў. Днямі з’явілася вельмі жахлівая статыстыка — кожны чацвёрты беларус мае праблемы з псіхікай. Самыя распаўсюджаныя псіхічныя парушэнні — трывожнасць і дэпрэсія.
Медычная дапамога патрабуецца больш чым 450 тысячам чалавек. Гэта тыя 5% насельніцтва, якія жывуць у дэпрэсіі.
Ну, а мы раім вам берагчы сябе і не забывацца падпісацца на кубачак кавы. А калі вы ў Беларусі, то абавязкова ўтылізуйце гэты кубачак, бо ў ім зашмат “экстрэмізму”.
Сёння з вамі быў Дзяніс. Добрых вам выходных!