Вынікі 2024 года ў палітыцы, эканоміцы і культуры
Апошні ў гэтым годзе агляд найлепшых матэрыялаў Еўрарадыё.
Прывітанне! Гэта Янка з Еўрарадыё і кароткі агляд найцікавейшых тэмаў, на якія мы звярнулі ўвагу на гэтым тыдні.
Каталікі адсвяткавалі Каляды, а мы паволі падсумоўваем 2024-ы ў Беларусі і не толькі. Таму сёння прыгадаем, што цікавага адбывалася ў палітыцы і культуры, а таксама прыгледзімся да прагнозаў на наступны год.
Запарвай каўку — і пачынаем!
Што змянілася за год пасля пагрозы расійскага ўварвання?
Як я і абяцала мінулым разам, на гэтым тыдні выйшаў наш рэпартаж з польскіх Сувалак, дзе, паводле прагнозаў нямецкай разведкі, у снежні мусілі пачацца ваенныя правакацыі Крамля.
Вядома, да канца месяца яшчэ некалькі дзён. Але журналісты Еўрарадыё пабачылі спакойны горад і мясцовых, якія, безумоўна трывожацца ад такой перспектывы, але вераць у моц свайго войска і падтрымку саюзнікаў з NATO.
Тэкст прачытаць можна тут. А ніжэй — наш відэарэпартаж.
Палітычныя вынікі года ад Святланы Ціханоўскай
Напярэдадні Калядаў наш калега Зміцер Лукашук наведаў Вільню, каб зрабіць асобнае падсумаванне года са Святланай Ціханоўскай.
Што стала галоўным расчараванне, а што — натхненнем 2024 года і ці не час дэмсілам змяняць стратэгію ў дачыненні да Лукашэнкі і яго рэжыму?
Ці ёсць у дэмсілаў рэальныя магчымасці вызваліць палітвязняў і ці не варта падумаць пра “самароспуск”?
Слухайце адказы на гэтыя ды іншыя пытанні ў размове ніжэй.
Беларуская эканоміка паказала рост. Але ці будзе ён працягвацца ў наступным годзе?
Эканамічныя ж вынікі гэтага года і прагнозы на наступны абмеркавала нашая калега Марыя Калеснікава з эканамістам Уладзімірам Кавалкіным.
Пра ўплыў санкцый, дабрабыт беларусаў, рынак нерухомасці і, што важна, курс долара чытайце тут.
Што слухалі беларускага?
Аўдыёплатформа Spotify кожны год публікуе статыстыку праслухоўвання як для карыстальнікаў, так і для саміх выканаўцаў. Ліза з Еўрарадыё вырашыла даведацца, якіх беларусаў слухалі ў сэрвісе часцей за ўсё сёлета.
Ці здзівіла вас гэтая падборка? Каго там не хапае?
Беларускае кіно і Беларусь у кіно
Наш калега і кінакрытык Тарас Тарналіцкі зрабіў падсумаванне 2024-га для беларускага кіно. У нейкіх момантах ягоныя меркаванні нават падзяліліся з меркаваннямі іншых калег з рэдакцыі, але не можам не прапанаваць прачытаць ягоны тэкст (а магчыма, таксама паспрачацца).
Дарэчы, акрамя вынікаў у самім белкіно нам падалося цікавым, што сёлета ў некаторых замежных серыялах згадвалася Беларусь, і рэдка пазітыўна. Пра тое, што гэта за з’ява і як яна ўплывае на імідж нашай краіны, Тарас спытаў іншага кінакрытыка — Міхаіла Сандыгу.
Навагоднія цацкі, дзе танней набыць: у Польшчы ці Беларусі?
На гэтым тыдні, здаецца, польска-беларуская мяжа чарговым разам біла рэкорды па чаканні пераезду — у некаторыя дні падарожнікі мусілі чакаць нават 40 гадзінаў, каб заехаць у Беларусь.
Магчыма, нехта з іх вёз з сабою падарункі для блізкіх на святы або нават калядныя ўпрыгожанні. Нашая калега Ліза акурат вырашыла зрабіць агляд, дзе танней набываць зміовыя дэкарацыі.
Спойлер: танней у Мінску набыць тое, што з Польшчы і так наўрад ці прывязеш.
З Новым годам!
P.S. Калі ты ў Беларусі, не забудзь “утылізаваць Кубачак” :)