Куды зніклі студэнты і што там з Максам Каржом. Абмяркуем за “Кубачкам кавы”
Вітаначкі! З вамі Дзяніс, і як заўсёды па пятніцах абмяркуем самыя цікавыя тэмы гэтага тыдня.
Пагаворым пра змяншэнне колькасці студэнтаў, “аграмадныя” заробкі ў сельскай гаспадарцы і эміграцыю Макса Каржа.
Ані дашкольнікаў, ані студэнтаў
Ні тыдня без жахаў. На жаль, але ўсё так. Пасля масавых пратэстаў і рэпрэсій 2020 года Беларусь сутыкнулася з нябачнай, але адчувальнай праблемай — адтокам насельніцтва, у асноўным моладзі.
Пачнем са школьнікаў. Дзіўна, але іх колькасць падрасла. Так, у 2020 годзе сярэднюю адукацыю атрымлівалі 1 мільён 58 тысяч чалавек, а ў 2023-м — 1 мільён 90 тысяч. Але што важна: за тры гады ў краіне зачынілі 227 школ — і гэта, падобна, работа на будучыню. Магчыма, улады спрабуюць падрыхтавацца да недахопу дзяцей, які толькі ўзмацняецца.
Нашмат горш сітуацыя з наведвальнікамі дзіцячых садкоў — у 2020 годзе дзіцячыя садкі наведвалі 424 тысячы дзяцей, а ў 2023-м — усяго 355 тысяч. Гэта зніжэнне на 70 тысяч, што супастаўна з насельніцтвам цэлага горада накшталт Светлагорска.
Скарацілася і колькасць студэнтаў. У 2020 годзе ў ВНУ вучыліся 254 тысячы чалавек, а ў 2023-м — 222 тысячы. Мінус больш чым 30 тысяч студэнтаў — гэта як калі б зніклі такія гарады, як Бяроза, Навагрудак ці Асіповічы, калі б яны складаліся толькі са студэнтаў. Такія справы.
Малы сапраўды пасталеў і з'ехаў з Беларусі
Нарэшце ўлады дабраліся і да Макса Каржа. Самы вядомы рэпер краіны з’ехаў за мяжу з-за пагрозы пераследу. Сам спявак гэта пакуль ніяк не каментаваў. А ведаеце, хто пра гэта расказаў? Самі сілавікі! Можаце сабе ўявіць?
Перад гэтым Каржа па тэлефоне выклікалі ў міліцыю для “размовы”. Нагодай сталі “скаргі” на музыку за тое, што ён на замежных канцэртах “скача з БЧБ” і падтрымлівае Украіну.
Сілавікі пішуць, што ў 2020-м Макс Корж удзельнічаў у пратэстах, але “яго ніхто асабліва не чапаў”.
Потым ГУБАЗіК паведаміў, што на Каржа яшчэ не пачалі крымінальную справу. Відаць, яго ад'езд за мяжу палічылі праколам сілавікоў, і яны хацелі б, каб музыка вярнуўся. “Усе прэтэнзіі праваахоўнікаў па скаргах грамадзян можна зняць простай прафілактычнай гутаркай”, — піша тг-канал, звязаны з ГУБАЗіКам.
Але далей зноў пачынаюцца пагрозы: “Калі Корж звяжацца з экстрэмістамі і будзе скакаць пад іх дуду — зваротнага шляху ўжо не будзе, а пачнуцца крымінальныя справы, ператрусы і канфіскацыя”.
Заробак у 5000 рублёў? А гэта дакладна не жарт?
Па сацсетках разляцеўся фотаздымак з ТыкТоку — у ім разлікоўка з нейкім неверагодным для Беларусі заробкам у 5026 рублёў. Спытаеце, дзе зарабляюць такія грошы? Не, не ў айці — у калгасе!
Што мы бачым у гэтай разлікоўцы: 1589,9 рубля — грошы, якія мусіш атрымаць, адпрацаваўшы ўвесь месяц звышурочна і без выходных.
Але ў лісце стаіць незразумелы радок “Даплаты стымулявальнага характару”, па якім супрацоўніца атрымала 4748,24 рубля, то-бок яшчэ тры аклады. Ці тое магчыма?
Еўрарадыё пагутарыла з Аляксандрам Кныровічам, які выказаў меркаванне, што такія даплаты цалкам магчымыя, але толькі раз на год.
“Мы бачым, што гэта, хутчэй за ўсё, разавая выплата, не прывязаная ні да гадзін, ні да выпрацоўкі”.
На думку суразмоўцы, абнародаваныя лічбы нічога не кажуць пра ўзровень заробкаў сельгасработнікаў.
“Якія [рэальныя] заробкі ў беларускай сельскай гаспадарцы, можна паглядзець у Белстата. Там будзе да 2000 рублёў. Тут мы з вамі не бачым базы для разліку (гэта значыць, няма працэнтаў, гадзін і г.д.), таму і не можам зрабіць ніякіх высноў”, — падсумоўвае эксперт.
Ці насамрэч гэта праўда, ці як кажа моладзь, гэта нейкі скам, невядома.
Але згодна са звесткамі статыстычнага буклета “Праца і занятасць”, апублікаванага на сайце Белстата ў верасні 2024 года, мужчыны ў сельскай гаспадарцы атрымліваюць у сярэднім 1719 рублёў, а жанчыны — 1559,8 рубля.
То-бок прыкладна тыя ж грошы, што атрымала наша невядомая цялятніца за месяц звышурочнай працы без стымулявальных надбавак. Што гэта за надбаўкі такія, сказаць цяжка.
Урывак з новай кнігі Колі Сулімы — эксклюзіў на Еўрарадыё!
Коля Суліма нарадзіўся і жыў у Мінску. Там ён працаваў аўдытарам, пісаў вершы і ладзіў паэтычныя фэсты. Потым пераехаў у Каліфорнію, каб стаць бухгалтарам, усё кінуць і рабіць публіцыстыку. Цяпер піша прозу і жыве ў Берліне.
А 25 лістапада ў выдавецтве “Мяне Няма” выходзіць яго кніга. Спецыяльна для вас Еўрарадыё апублікавала невялічкі кавалачак, які можна прачытаць тут. Атрымлівайце асалоду!
А на сёння ў нас усё! Беражыце сябе і падпісвайцеся на “Кубачак кавы”. А калі вы ў Беларусі, то абавязкова ўтылізуйце гэты кубачак, бо ў ім зашмат “экстрэмізму”.
З вамі быў Дзяніс. Добрых выхадных!