Выкуп палітвязняў, шакавальныя звесткі, 100 гадоў белкіно ды іншае
Перадсвяточны агляд найлепшых матэрыялаў Еўрарадыё.
Прывітанне! Гэта Янка з Еўрарадыё і кароткі агляд найцікавейшых тэмаў, на якія мы звярнулі ўвагу на гэтым тыдні.
Ці ты ўжо набыў(-ла) ялінку? А падарункі для блізкіх? Можа нават ужо адсвяткаваў(-ла) канец года з калегамі па працы?
Акурат мы ў рэдакцыі зрабілі гэта сёння: згулялі ў “таемнага Санту” ды падзяліліся паміж сабою добрымі словамі пра гэты год. Дарэчы, сваё падсумаванне мы хутка апублікуем.
Таксама, асабіста я нядаўна наведала адзін польскі горад на поўначы краіны, дзе з калегам здымала новы міні-док. Дзе я была? Падказка: у гэтым горадзе штогод праводзіцца блюзавы фестываль. Больш дэталяў пакуль не раскрыю.
Сачыце за нашым YouTube-каналам (але памятайце пра бяспеку), там хутка з’явіцца гэты фільм. Але ўжо цяпер можна паглядзець новы рэпартаж, які зрабіла мая калега ў Германіі.
Запарвай каўку, і паехалі!
ФРГ літаральна выкупала палітвязняў у ГДР. Ці такое магчыма ў Беларусі?
Больш за 33 тысяч палітвязняў Заходняя Германія выкупіла ва Усходняй у 80-х гадах. Уражвае, праўда? Нашая калега пазнаёмілася з Міхаэлем Шлосерам, былым палітвязнем, якога абмянялі ў 1984 годзе, а таксама наведала мемарыяльны цэнтр турмы Касберг у Хемніцы.
Неверагодную гісторыю, як адбываўся выкуп ды асобна пра постаць адваката Вольфганга Фогеля, журналістка Еўрарадыё распавяла ў гэтым рэпартажы і ў дакументальным фільмы.
Трошку лічбаў
На гэтым тыдні ў рэдакцыю Еўрарадыё трапіў дакумент, згодна з якім Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) дакладае пра сёлетняе павелічэнне выпадкаў гібелі жывёлаў у сельскагаспадарчых арганізацыях на 20%.
Асноўнымі прычынамі падзяжу быдла чыноўнікі называюць парушэнне тэхналагічных рэгламентаў па кармленні і ўтрыманні жывёлы. А таксама недахоп кваліфікаваных спецыялістаў.
Дарэчы, і тут у нас ёсць шакавальная статыстыка. “Кіберпартызаны” падзяліліся звесткамі аб працоўнай занятасці. З іх вынікае, што ў Беларусі з 2020 па 2025 год адбываецца значнае скарачэнне колькасці працоўнага насельніцтва.
Да прыкладу, толькі за 2021-2023 гады каля 400 тысяч чалавек перасталі працаваць у Беларусі! Гэта сведчыць пра тое, што пад покрывам абяцанай "стабільнасці" хаваецца рэальнасць, у якой беларусы вымушаныя або з’язджаць з краіны, або сыходзіць з афіцыйнага сектара эканомікі.
Што не так з Кодэксам аб ахове здароўя?
На гэтым тыдні стала вядома, што Міністэрства аховы здароўя ціхенька перасунула тэрміны "грамадскага абмеркавання" праекта Кодэкса да 1 лютага 2025 года. На думку лекара Станіслава Салавея, гэта ўсё фікцыя.
“Кодэкс аб ахове здароўя датычыць кожнага беларуса, таму абмяркоўваць яго праект трэба адкрыта і ўголас на кожным інфармацыйным канале — праводзіць дыскусіі, запрашаць экспертаў, а не даваць людзям дзесяць дзён на вывучэнне "дакумента" на 334 старонкі ў інтэрнэце”, — кажа ён.
Наша калега Марыя пагутарыла з лекарам пра хібы праекта Кодэкса ды паспрабавала адшукаць пазітыўныя моманты ў ім.
100 гадоў беларускаму кіно!
У аўторак беларускаму кіно стукнула ўжо стагоддзе. Гэтая дата звязаная са стварэннем бальшавікамі ў 1924 годзе дзяржведамства “Белдзяржкіно” у Мінску.
Трошку чырвона, але для незалежнай кінасупольнасці гэта стала добрай нагодай скласці спіс з 50 лепшых фільмаў за ўсю гісторыю белкіно.
Наш калега Тарас быў адным з укладальнікаў гэтага спісу (цалкам з ім можна азнаёміцца тут), а для Еўрарадыё ён падзяліўся сваім уласным топ-10 — вось тут.
Дарэчы, шмат фільмаў можна паглядзець проста на YouTube.
Асабіста я падзяляю яго думку наконт фільма Валянціна Вінаградава “Усходні калідор”.
На гэтым у мяне ўсё. Зычу табе добрых выходных, а каталікоў віншую з блізкімі Калядамі!
PS: Калі ты ў Беларусі, не забудзь “утылізаваць Кубачак” :)